ГАНЧА́РНЫ ГО́РАН,

печ для абпальвання ганчарных вырабаў, якая выкарыстоўваецца пры высокаразвітым ганчарстве. Абпальванне ажыццяўляецца гарачымі (700—900 °C) газамі, якія атрымліваюцца пры згаранні паліва. Працэс бывае акісляльны (найб. пашыраны) і ўзнаўляльны (пры недастатковым доступе кіслароду). У сучаснай вытв-сці выкарыстоўваюць горны верт. і гарыз. тыпаў (электрычныя, на мазутным або газавым паліве). Першыя ганчарныя горны вядомы з канца 4-га тыс. да н.э. ў краінах Стараж. Усходу. Былі адкрытага і закрытага тыпаў, 1-, 2-, 3-ярусныя. У Еўропе пашыраны з сярэдзіны 1-га тыс. да н.э., на ўсходнеслав. землях — з 12—13 ст. На Беларусі выяўлены горны ў Мінску (16 ст.), Оршы (17 ст.), Міры (18 ст.). Іх муравалі з цэглы, камянёў, гліны, пераважна 1- і 2-ярусныя, круглыя (грушападобныя) ці чатырохвугольныя ў плане, з адкрытым і купалападобным (скляпеністым) верхам. Ніжні (топачны) ярус заглыблялі ў зямлю, верхні па баках засыпалі грунтам і агароджвалі зрубам, часам умацоўвалі бярвеннем, жэрдкамі, метал. прутамі, дротам, каменнем і дзёрнам. Для агню рабілі яму, у якую выходзіла вусце топкі. Ярусы (камеры) падзяляліся гарыз. перакрыццем (скляпеннем) з адтулінамі (люхтамі) для праходу гарачых газаў. Звычайна ганчарныя горны былі разлічаны на адначасовую тэрмічную апрацоўку 300—350 (часам 800—1000) вырабаў, якая працягвалася 9—14 гадз.

В.​М.​Ляўко.

т. 5, с. 31

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)